Асобы кампаніі “Асцярожна – міліцыя!”

Статус катэгорыі:
Красавік 22, 2016 16:07

 

Яніна Генадзеўна Мяцельская.\"\"

 Нарадзілася 30 верасня 1986 г у Мінску.

 Скончыла школу  27. Да 2010 г. вучылася ў БДУ на аддзяленні філасофіі і сацыяльных навук.

19.12.2010 была асуджаная на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. 

 

 

\"\"Мяне завуць Дыяна ГудзеньНарадзілася 13 жніўня 1985 г. ў Воршы.

У 2002 г. скончыла СШ № 2 г.Ворша. Паступіла ў БДПУ імя Максіма Танка на спецыяльнасць “Матэматыка і інфарматыка”.

У 2003 г. забрала дакументы і перапаступіла на інжынерна-эканамічны факультэт на спецыяльнасць “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў эканоміцы”.

У 2008 г. скончыла БДУІР і па размеркаванні пайшла працаваць у Белінвестбанк.

 У лютым 2008 г. выйшла замуж. 19 лістапада 2008 г. нарадзіла дачку Кіру. Выйшаўшы ў 2001 г. з дэкрэтнага адпачынку, пайшла працаваць спецыялістам па тэставанні праграмнага забеспячэння ў Godel Technologies Europe LTD. У траўні 2012 г. звольнілася ў сувязі з сямейнымі акалічнасцямі. Часова не працую.

Тое, што было 19 снежня, а таксама да і пасля, я апісала ў сваім жж http://diana-85.livejournal.com/38146.html.

Гэты запіс доўгі час быў падзамочным, толькі для сяброў, але цяпер вырашыла адкрыць яго, магчыма, часова. Мяркую, што лепш, чым гэта было напісана (“па гарачых слядах”), я ўжо не напішу. Хаця, перачытваючы тое, што было напісана тады, на эмоцыях, я разумею, што шмат у чым памылялася. Там не згаданы допыт у следчага, якія быў пазней – у канцы студзеня. А таксама тое, што супрацоўнікі міліцыі двойчы дапытвалі маё начальства на працы – пра гэта я даведалася толькі праз 9 месяцаў, калі вырашыла звольніцца. Даведалася, што мой начальнік мяне абараняў, за што яму вялікі дзякуй. 


\"\"Настасся Лазарава

25 год. Нарадзілася ў Маладэчне. Скончыла БДЭУ ў 2009 г.

Працую менеджарам на прыватным прадпрыемстве. Падабаюцца вандроўкі, у тым ліку на роварах. Намагаюся перабудаваць свой побыт так, каб менш за ўсё шкодзіць навакольнаму асяроддзю. Апошнім часам асабліва заклапочаная экалагічнай сітуацыяй у свеце. Вяду здаровы лад жыцця. Схіляюся да вегетарыянства. Не прымаю алкагалізм, усе формы наркаманіі і ўсе праявы гвалту – як цялеснага, так і псіхалагічнага. Падзяляю філасофію будызма і такія неаспрэчныя каштоўнасці, як мудрасць і спачуванне.

19 снежня 2010 г. разам са сваёй сям’ёй і сябрамі пайшла на галоўную плошчу Мінска, каб выказаць сваю нязгоду з фальсіфікацыямі прэзідэнцкіх выбараў і недавер да вынікаў выбараў.

У выніку, як і шмат якія іншыя ўдзельнікі гэтага мерапрыемства, трапіла на 10 сутак у халодную камеру, падобную да сутарэнняў. Акрамя мяне, там знаходзіліся яшчэ 11 дзяўчын. З імі мы і прыдумалі ідэю календара, праз які мы распавядзем пра наш “адпачынак” за кратамі.

\"\"

 

Аляксандра Папчанка, нарадзілася 14 красавіка 1987 г. у Мінску.

Вучылася ў сярэдняй школе № 65 з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы. У 2005 г. паступіла ў БДУ на факультэт журналістыкі, на кафедру тэхналогій камунікацыі. Скончыла ўніверсітэт у 2010 г. з дыпломам спецыяліста па інфармацыі і камунікацыі, журналіст.

На першых курсах навучання ва ўніверсітэце вяла рубрыку “Народны каляндар” у газеце “Турызм і адпачынак”. Ад 2008 г. да 2011 г. працавала ў камунікацыйным агенцтве ІвэнтМедыя спецыялістам па сувязях з грамадскасцю. Ад 2011 г. да 2012 г. працавала ў Цэнтры дзелавой адукацыі Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. На дадзены момант афіцыйна нідзе не працую.

Была арыштаваная 19 снежня 2010 г. за ўдзел у мітынгу ў дзень прэзідэнцкіх выбараў і атрымала 10 сутак адміністрацыйнага арышту. 


\"\"

Вольга Чарных, 26 год, журналіст. 

Пасля выключэння з другога курса журналістыкі БДУ ў 2006 г. за 10-суткавы арышт паступіла на факультэт журналістыкі Ягелонскага ўніверсітэта, які заканчваю ў гэтым годзе.

Працавала рэдактарам навінаў інфармацыйнага партала Чачэнпрэс, займалася валанцёрскай дапамогай бежанцам з Чачні і Інгушэціі ў Польшчы, працавала ў праграме Superwizjer TVN у Кракаве.

20 снежня 2010 г. была арыштаваная за акцыю салідарнасці з затрыманымі 19 снежня пратэстантамі супраць фальсіфікацыяў на прэзідэнцкіх выбарах. Судом Цэнтральнага раёна была прыгавораная да 12 сутак адміністрацыйнага арышта, які адбывала ў ізалятары часовага ўтрымання на вул. Скарыны 20 разам з адзінаццаццю іншымі беларускамі, нязгоднымі з самавольствам у нашай краіне.

Удзел у акцыі вырашыла прыняць з той прычыны, што нашы суайчыннікі павінны ведаць пра тое самавольства, якое адбываецца ў нашай краіне. 


\"\"

Аксана Ючкавіч, дачка Станіслава. Нарадзілася 2 лістапада 1989 года ў в. Парафянава Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. У 2012 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ па спецыяльнасці “Беларуская філалогія. Жыву і працую ў Мінску.

Была затрыманая 19 снежня 2010 года на плошчы Незалежнасці. Паводле выраку суда Завадскога раёна атрымала 10 сутак адміністрацыйнага арышту, які адседзела ў ізалятыры на вул. Скарыны, 20.

Апошнія трэнды