У пошуках правасуддзя. Гісторыі гвалту ў Беларусі

Лістапад 11, 2020 14:17

Cпампаваць кнігу ў PDF (па-руску)

Беларусь у фокусе, Беларускі Прэс-клуб, незалежныя беларускія медыя, Бeларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), незалежная арганізацыя «Прававая ініцыятыва», праваабарончы цэнтр «Вясна» прадстаўляюць «У пошуках правасуддзя. Гісторыі гвалту ў Беларусі». У ёй сабраны дзесяткі публікацый беларускіх СМІ, якія сведчаць аб катаваннях і іншых формах жорсткага абыходжання з людзьмі, якія мірна пратэставалі супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Жнівень 2020 года для Беларусі застанецца ў гісторыі – гераічнай і трагічнай. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацавана права на свабоду мірных сходаў, як адно з асноўных правоў чалавека. Мы са шкадаваннем канстатуем, што гэта права было патаптана тымі самымі інстытутамі, якія павінны яго абараняць. Тысячы чалавек у розных гарадах краіны былі затрыманыя, сотні перажылі здзекі ў зняволенні, дзесяткі трапілі ў бальніцы, лёс некаторых дагэтуль невядомы. У кнізе «У пошуках правасуддзя. Гісторыі гвалту ў Беларусі» сабраны гісторыі людзей з усёй краіны, апублікаваныя ў беларускіх СМІ, якія патрабуюць прававой ацэнкі і расследавання. У выданне ўвайшлі публікацыі незалежных медыя: TUT.by, Naviny.by, Радыё Свабода, Наша Ніва, Onliner, Euroradio, рэгіянальных СМІ Hrodna.life, Магілёў.Онлайн, Першы Рэгіён, Intex-press, Брэсцкая газета, Медыя-Палессе, Рэгіянальная газета, Моцныя навіны.

Мы пачалі збіраць гэтую кнігу ў тыя дні, калі ўся Беларусь захлынулася ад навін аб тым, што рабілася трое сутак у засценках шматлікіх РАУС, СІЗА і турмах. Тады, здавалася, нават улады былі ўражаныя размахам гвалту, міністр унутраных спраў паспрабаваў прынесці няўклюдныя прабачэнні. Гучалі абяцанні ва ўсім разабрацца і правесці расследаванні.

Праз амаль месяц відавочна, што расследаванняў беларускае грамадства не дачакаецца. У Следчы камітэт пададзена больш за тысячу заяў па фактах катаванняў з 9 па 13 жніўня, але ніводнай крымінальнай справы дагэтуль не заведзена. Замест гэтага з самага верху мы чуем словы пра «дэманстрацыі сінякоў» і аб «дзяўчынках», якім «попы фарбавалі сіняй фарбай». І наогул, варта «перавярнуць гэтую старонку».

Але спачатку трэба прачытаць гэтыя старонкі. Старонкі кнігі «У пошуках правасуддзя. Гісторыі гвалту ў Беларусі».

Кожны выпадак павінен быць расследаваны, кожная ахвяра павінна быць абаронена!

Вы можаце падтрымаць пратэстуючых у Беларусі людзей, ахвяраваўшы ў адзін з фондаў і ініцыятыў:

Belarus Solidarity Foundation (BY_sol). Дапамагаюць рэпрэсаваным і людзям, якія страцілі працу з-за ўдзелу ў забастоўках або мірных акцыях пратэсту ў Беларусі. Падтрымліваюць дзяржаўных служачых і супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, якія пакінулі свае пасады ў знак пратэсту супраць гвалту над дэманстрантамі і фальсіфікацыі выбараў. Дапамагаюць страйкамам.

Media Solidarity Belarus (MediaSOL). Кампанія і збор сродкаў у падтрымку незалежных беларускіх медыя. Ахоўныя сродкі, бо АМАП цынічна цэліцца ў журналістак і журналістаў, адзінай абаронай якіх часам з'яўляецца камізэлька «Прэса». Стыпендыі і фінансавая дапамога журналістам, якія падвергліся рэпрэсіям за працу ў незалежных медыя. Аплата часовай рэлакацыі для тых, каму пагражаюць больш за ўсё. Дапамога СМІ і рэдакцыям, журналісцкім арганізацыям, якія шукаюць новыя легальныя крыніцы даходу.

Support for Belarus (BY_help). Збірае сродкі на дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій у Беларусі часам выбарчай кампаніі 2020 году: аплату штрафаў, адвакатаў і медычныя выдаткі.

Спампаваць кнігу ў PDF (па-руску)

Short title: 
У пошуках правасуддзя. Гісторыі гвалту ў Беларусі