ТОП 10 ПАДЗЕЙ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЦІ 2016

Снежань 29, 2016 16:23

Топ 10 падзей грамадзянскай супольнасці 2016

Напярэдадні зімовых святаў Pact традыцыйна адзначае заўважныя падзеі, якія адбыліся ці паўплывалі на грамадзянскую супольнасць цягам года. Пяты год запар мы прадстаўляем сваю версію Топ-10: намінацыі не з'яўляюцца пастаяннымі, а штогод падкрэсліваюць найбольш выбітныя, на нашую думку, змены, якія былі ініцыяваныя трэцім сектарам і якія паўплывалі на жыццё краіны і асобных супольнасцей.

Вясёлых Святаў!

каманда Pact Беларусь

Грамадскія Ініцыятывы Года: Press Club Belarus і Інтэлектуальны клуб Святланы Алексіевіч

У сакавіку 2016 года адбылося афіцыйнае адкрыццё Press Club Belarus у Мінску. Ад самага пачатку дзейнасці Press Club арганізуе на сваёй пляцоўцы шматлікія імпрэзы для абмену ідэямі і думкамі паміж журналістамі, палітыкамі і іншымі экспертамі. Pact таксама адзначае пачатак яшчэ адной новай грамадскай ініцыятывы – у снежні 2016 года нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч зладзіла першае пасяджэнне Інтэлектуальнага клуба, каб “глядзець на рэчы значна глыбей”. Галерэя TUT.BY здолела прыняць толькі 200 слухачоў з 600 зарэгістраваных на сустрэчу.

Падзеі (і) Года: Мінскі Дыялог Track-II платформа

У 2016 годзе экспертная Track-II (няўрадавая) платформа “Мінскі Дыялог” арганізавала шэраг дыскусійных мерапрыемстваў па надзённых глабальных выкліках і наладжванню міжнароднага супрацоўніцтва, у т.л. абмеркаванне вынікаў Мінскіх пагадненняў па сітуацыі ва Украіне, агульнаеўрапейскія інтэграцыйныя працэсы, замарожаныя канфлікты на постсавецкай прасторы, 25 год пасля развалу СССР і інш. Чыноўнікі, дыпламаты і эксперты найвышэйшага рангу, у тым ліку кіраўнік беларускага МЗС, міністр Еўразійскай эканамічнай камісіі, кіраўніца Прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі,  бралі ўдзел у “Мінскім Дыялогу”.

Лакальная Ініцыятыва Года: Шоў “Горад”

Праект “Горад” стаў першым рэаліці шоў у Беларусі, які зрабіў спробу прадставіць грамадскі актывізм у папулярным фармаце для ўцягнення насельніцтва ў жыццё сваіх супольнасцей. Пад час праекта лакальныя лідэры праходзілі інтэнсіўнае навучанне і ўвасаблялі свае ідэі ў супольнасцях – увесь працэс адлюстраваны ў 11 відэа эпізодах. Аўтар ідэі “Горада”, Цэнтр культурнага менеджмента распачынае другі сезон праекта ў наступным годзе.

Фандрайзінг Года: Часопіс “Имена”

Онлайн часопіс “Имена” распачаў сваю дзейнасць у красавіку 2016 года і стаў першым беларускім медыя, якое цалкам фінансуецца за кошт чытачоў. Гісторыі, які публікуе часопіс пра тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, маюць шырокі рэзананс і знаходзяць падтрымку ў грамадстве. Збіраючы грошы праз платформу Talaka.by, “Имена” ўсталяваў як сама мала два краўдфандынгавыя рэкорды – болей за 20 тысяч даляраў на ўласную дзейнасць часопіса і 34,6 тысяч даляраў на закупку энтэральнага харчавання ў дзіцячы інтэрнат.

Палітычная Падзея Года: Прадстаўнікі апазіцыі ў Парламенце

Упершыню за апошнія 12 год дзве прадстаўніцы дэмакратычных сіл сталі дэпутаткамі Палаты Прадстаўнікоў Беларусі – Ганна Канапацкая з Аб'яднанай грамадзянскай партыі і Алена Анісім з Таварыства беларускай мовы. Яны з'яўляюцца адзінымі прадстаўніцамі апазіцыі сярод 110 дэпутатаў Парламента, абраных у верасні 2016 года. Аналітыкі мяркуюць, што Аляксандр Лукашэнка дазволіў прызначыць двух незалежных дэпутатаў праз ціск Захаду.

Дзяржаўны “Фандрайзінг”  Года: Штрафы актывістам

Паводзе дадзеных праваабарончага цэнтра “Вясна”, у 2016 годзе беларускія суды прысудзілі грамадскім актывістам і незалежным журналістам 415 штрафаў на агульную суму 148 тысяч даляраў – гэта ў 3,5 разы болей, чым летась. Такое заўважнае павелічэнне ў штрафах звязваюць з новай тактыкай беларускіх уладаў, якія замест адміністратыўных арыштаў выкарыстоўваюць фінансавае пакаранне супраць удзельнікаў пратэстаў і журналістаў, тым самым не правакуючы рэзкую рэакцыю з боку Захаду.

Даследчы Цэнтр Года: BEROC

У 2016 году Беларускі эканамічны даследча-адукацыйны цэнтр (BEROC) узначаліў рэйтынг беларускіх даследчых цэнтраў. Рэйтынг, які ладзіцца другі год запар Беларускай даследчай Радай (BRC), ацэньвае даследчыя цэнтры паводле трох параметраў – арганізацыйны патэнцыял, інфармацыйны ахоп і аналітыка-даследчая дзейнасць. Лідэрская пазіцыя BEROC звязаная ў тым ліку з ягонай прапрацаванай і шырокай даследча-адукацыйнай праграмай.

Трэнд Года: Інтэнсіўныя кантакты паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю

2016 год адзначыўся заўважнай інтэнсіўнасцю ў міжсектаральным узаемадзеянні. Публічныя імпрэзы арганізацый грамадзянскай супольнасці наведвалі высокія чыноўнікі: прэм'ер-міністр адкрываў 1-й Беларускі Форум, саарганізатарам якога выступіў BISS; намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта і першы намеснік міністра эканомікі ўдзельнічалі ў 4-м Кастрычніцкім эканамічным форуме, КЕФ і інш. Шэраг міжсектаральных кансультацый і падзей адбыўся па тэме правоў чалавека: скасаванне смяротнага пакарання, маніторынг міліцыі, прыняцце нацыянальнага плана па правах чалавека. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці сустракаліся з кіраўнікамі МЗС і Міністэрства інфармацыі.

Валанцёрская Ініцыятыва Года: Экалагічная акцыя “Зробім”!

9 красавіка 2016 года акцыя па збору смецця “Зробім!” прыцягнула рэкордную колькасць удзельнікаў – 22,700 валанцёраў з 43 беларускіх гарадоў і вёсак прыбіралі  звалкі ў лясах, парках, рэках. У Беларусі акцыі ў межах глабальнай кампаніі «Let`s Do It!» распачаліся ў 2012 годзе; арганізатары акцыі — Таварыства «Зялёная сетка», Цэнтр экалагічных рашэнняў, фонд «Інтэракцыя», Мінскае роварнае таварыства і дзяржаўныя структуры.

І Нешта Зусім Незвычайнае: Першы беларускі мільярдэр

У 2016 годзе ў Беларусі з'явіўся першы афіцыйны даляравы мільярдэр – ім стаў стваральнік папулярнай онлайн гульні World of Tanks Віктар Кіслы. Па ацэнках Bloomberg, маёмасць 39-гадовага заснавальнік Wargaming дасягнула больш за 1 мільярд даляраў, а сама кампанія ацэньваецца ў 1,5 мільярды даляраў.